Заснавальнікі літаратурнага аб'яднання "Маладняк"

  • Вид работы:
    Реферат
  • Предмет:
    Литература
  • Язык:
    Русский
    ,
    Формат файла:
    MS Word
    29,37 kb
  • Опубликовано:
    2011-02-21
Вы можете узнать стоимость помощи в написании студенческой работы.
Помощь в написании работы, которую точно примут!

Заснавальнікі літаратурнага аб'яднання "Маладняк"

Заснавальнікі літаратурнага аб’яднання “Маладняк”

“Маладняк” – гэта беларускае аб'яднанне пісьменнікаў, паэтаў якое існавала з лістападу 1923 да лістападу 1928 гг. Аб'яднанне ўзнікла як гурток маладых паэтаў пры часопісе «Маладняк». Яго заснавальнікамі лiчацца: Чарот, Я. Пушча, А. Вольны, А. Дудар, А. Александровіч, А. Бабарэка.

Кіравальным органам аб’яднання спачатку з`яуляуся Прэзідыум, потым з лютага 1925 г. — Цэнтральнае Бюро, якое у розныя гады ўзначальвалі М. Чарот, П. Галавач, А. Вольны, У. Дубоўка.

З цягам часу ў аб'яднанні выспеў крызіс, вынікам якога стаў выхад з яе складу ў маі 1926 многіх удзельнiкаў. Пазней аб'яднанне было рэарганізавана ў БелАПП.

Міхась Чарот

чарот маладняк часопіс паэт

Міхась Чарот (сапраўднае прозвішча — Міхаіл Сымонавіч Кудзелька) нарадзіўся 7 лістапада 1896 г. у вёсцы Рудзенск Ігуменскага павета Мінскай губерні (цяпер Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) у сям'і малазямельных сялян. Першую адукацыю Міхась атрымаў у наёмнага «дарэктара», потым скончыў двухкласную пачатковую школу, а ў 1913 г. паступіў у Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю. У гады першай сусветнай вайны семінарыя эвакуіравалася ў Смаленск. Тут прайшлі два апошнія гады навучання будучага пісьменніка. Семінарыю М. Чарот закончыў у 1917 г., але настаўнічаць яму не давялося: быў мабілізаваны ў армію. Служыў афіцэрам запаснога палка ў Расіі, там намагаўся разам з іншымі афіцэрамі-землякамі стварыць беларускі гурток. Вясною 1918 г. М. Чарот вярнуўся ў Мінск, пачаў настаўнічаць у беларускай школе, паступіў на вучобу ў педагагічны інстытут. У гэты ж час ён далучыўся да культурна-нацыянальнага жыцця: маючы прыгожы барытон, спяваў у хоры В. Тэраўскага пры «Беларускай хатцы», стаў старшынёй тэатральнага гуртка «Маладзік». У 1919 г. М. Чарот спрабуе ўступіць у Беларускае войска, якое стваралася пры Беларускім нацыянальным камітэце, што існаваў як выканаўчы орган Усебеларускага з'езда 1917 г. Гэта быў час польскай акупацыі на Беларусі, і М. Чарот стаў у шэрагі барацьбітоў за нацыянальнас вызваленне, што ў далейшым знойдзе водгук шмат у якіх яго паэтычных творах. Восенню 1923 г. здарылася знамянальная падзея ў літаратурным жыцці Беларусі — утварылася першая масавая літаратурная арганізацыя «Маладняк». М. Чарот, які быў ужо вядомым паэтам, шмат друкаваўся, выдаў некалькі кніг, стаў яе аўтарытэтным кіраўніком. У 1927 г. пасля «другога расколу» арганізацыі ён выйшаў з «Маладняка» і далучыўся да «Полымя», затым, у 1928 г., стаў членам БелАППа. У гэты час ён — рэдактар «Савецкай Беларусі» і кандыдат у члены ЦК КП(б)Б. У 1930-я гг. М. Чарот працаваў у Дзяржаўным выдавецтве БССР, кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Творчая актыўнасць яго ў гэты час прыкметна знізілася па вядомых грамадска-палітычных прычынах. У 1937 г. М. Чарота спасціг трагічны лёс многіх беларускіх творцаў: ён быў арыштаваны і расстраляны.

Даследчыкі зусім правамерна называюць Міхася Чарота адным з лідэраў беларускай савецкай літаратуры 20-х гадоў. Яго творчасць адбіла ў сабе рамантычныя парыванні, супярэчнасці і вялікія ілюзіі свайго часу.

Першыя паэтычныя спробы М. Чарота належалі да часоў вучобы ў семінарыі і не захаваліся. Сталая творчасць яго пачынаецца з 1919 г., калі некаторыя з вершаў — «Пад крыжам», «Звон», «Песня беларуса» — з'явіліся ў газетах «Беларусь» і «Звон», іншыя пазней увайшлі ў зборнік «Завіруха» (1922). Гэты пачатковы этап творчасці М. Чарота адметны нацыянальна-патрыятычным гучаннем вершаў. У вершы «Ахвярую Беларускаму хору Тэраўскага» (1919) са шчырым узрушэннем паэт заклікаў спяваць «родную, пекную песню» і будзіць край свой ад цяжкага сну. Верш «Памяці Алеся Гаруна» (1920) — паэтычнае смуткаванне над ахвярным лёсам нацыянальнага песняра, які «спевам разбудзіў народ свой на прадвесні» і народу ж «на алтар свой дыямэнт прынёс...» Матывы вершаў «Звон», «Песня бсларуса», «Пад крыжам», «Чужына» былі далёка не новымі для беларускай паэзіі, аднак настальгічны настрой і пачуццё любові да свайго краю, асабліва абвостранае ўдалечыні ад яго, — з шэрагу вечных тэм мастацтва. Калі ў вершы «Чужына», напісаным у Кузнецку Саратаўскай губерні ў 1917 г. у час вайсковай службы, настальгічнае пачуццё выяўлялася стыхійна-эмацыянальна: «Чужая краіна... Дзень цэлы ў сумоце, // I думкі да дому ляцяць, // Дзе хата старэнька стаіць пры балоце, // I вербы над рэчкай шумяць», — то ў вершы «Пад крыжам» Чарот паэтызуе прыклад свядомага самаахвярнага патрыятызму:

О, краю мой родны, усімі забыты!

Я сын твой, цябе не забыў,

Хай буду я куляй варожай забіты,

Ня кіну таго, хто паіў і карміў.

Пасля 1921 г. творчыя арыентацыі М. Чарота мяняюцца, нацыянальна-патрыятычныя матывы саступаюць месца рэвалюцыйнай патэтыцы. Яго першы паэтычны зборнік «Завіруха» стаў выніковым (разам з паэмай «Босыя на вогнішчы») у творчай эвалюцыі паэта за тры-чатыры гады, калі ідэйна-тэматычныя і вобразна-паэтычныя прыярытэты ўжо досыць выразна вызначыліся. Для М. Чарота і яго літаратурнага пакалення рэвалюцыя ўяўлялася той канкрэтна-гістарычнай падзеяй, якая «зазямліла» мастацкі ідэал папярэднікаў, вывела яго са сферы недасягальнай, прарочай і наблізіла да рэальнага ажыццяўлення. Такое светаразуменне адпаведным чынам паўплывала на паэтыку, якая характарызуецца сваімі ўстойлівымі вобразамі-сімваламі. Яны ўмоўна падзяляюцца на дзве групы: вобразы, якія ўвасабляюць старое кепскае жыццё, ад якога варта адмовіцца і якое варта закрэсліць, і вобразы, што ўвасабляюць шчасліную светлую будучыню, пачатак якой пакладзены рэвалюцыяй. Апантаная вера ў тое, што новае грамадства вядзе наперад прыгожая, светлая мэта і нават святая ідэя, якая робіць апраўданымі любыя ахвяры, становіцца пануючым пафасам твораў. Адмаўленне старога антаганістычнага ладу жыцця звязваецца ў Чарота з такім шэрагам вобразаў, як «вечная ноч», «чорная ноч», «сцюжа», «зіма», «гразь балот», «жывое балота», «стары ланцуг», «могілкі», «пакрыўджаныя вузнікі», «босыя», — гэта колішнія абяздоленыя жыхары «дрыгвы», якія спалі «цяжкім сном». Але «светлая раніца волі» — тыповы вобраз з другога шэрагу мастацкіх апазіцый — перамагае «цемру ночы», настае новы час і новае жыццё. Следаванне такім устаноўкам даводзіла паэтычную ідэю да празмернай гіпербалізацыі. Паміж матывамі адмаўлення старога і апявання новага прысугнічае матыў стыхіі («буралом», «завіруха»), якая бязлітасна нішчыць стары лад і расчышчае шлях «яскравай дзённіцы» новых дзён. Матывам «вечнай буры» прасякнуты ўвесь чаротаўскі зборнік «Завіруха». Падобная мадэль свету прысутнічае ў вершах М. Чарота «А я іду», «Вокліч мой», «Гром», «Вечная бура», «Буралом», «Заціхне бура, і сонца гляне...», «Свінцовы дождж мые ўсходы вясны...» і інш. Вобразны лад «буралому-завірухі» дапаўняецца ў Чарота «дымам-пажарам» — таксама ўстойлівым сімвалам знішчэння старога дзеля пабудовы новага.

У 1929 г. выйшаў з друку чарговы (і апошні) зборнік вершаў М. Чарота «Сонечны паход». У вершах гэтага зборніка побач са старымі тэматычнымі апазіцыямі — супрацьпастаўленне мінулага гаротнага жыцця і светлай вялікай будучыні, шлях да якой адчыніўся пасля рэвалюцыі — з’явіліся і новыя, а менавіта: Захад — чорны і змрочны, дзе «працоўныя ў цяжкім палоне», Захад, які трэба яшчэ апавіць пажарам з Усходу. Як і раней, часта выкарыстоўваў Чарот у вершах гэтага зборніка вобразы прыродных з'яў: вясны, восені, зімы. Так, вясна — гэта найперш май, сімвал рэвалюцыйнага абнаўлення, новага жыцця, радасці і шчасця. Восень мае два вобразныя значэнні. Настроі суму і жалю, восеньскай маркоты — гэта сімволіка «старога» свету. Восень — Кастрычнік, рэвалюцыйнае вогнішча, вобразны прадспеў вясны — гэта сімвалічная «вясновая восень». У ключы пераважна такіх вобразаў раскрыта Чаротам і тэма Заходняй Беларусі. Адзін з вершаў гэтай тэмы названы «Зіма» (1926), і гэты назоў, ужо сам па сабе сімвалічны, настройвае на ўспрыняцце жыцця «там» у змрочных «сцюдзёных» фарбах. Гіпербалічная метафорыка ў вершы таксама выводзіць паэта на матыў «сусветнай восені», і ён сцвярджае: «Вясенняй восені чакаюць там штодзённа...».

Адной з асаблівасцей паэтыкі М. Чарота, што яскрава адбілася ў зборніку «Сонечны паход», з'яўляецца «блочная» стылістыка. «Блочная» пабудова страфы выяўляецца ў тым, што радкі верша існуюць паасобку, існуюць як бы самі па сабе, іх з'ядноўвае толькі нейкі самы агульны сэнс. У вершах такога плана мноства няскончаных фраз, што стварае адчуванне, быццам у фразе шмат прапушчана, застаюцца толькі «звязачныя ланцужкі», якія і ўтвараюць тэматычныя і стылявыя «блокі» (верш «Атаман», 1925). Прыкметы «блочнай» стылістыкі ўласцівыя і аднаму з праграмных дэкларатыўных вершаў Чарота «Камсамолія» (1926), дзе ён імкнуўся паяднаць Беларусь (нацыянальны традыцыйны пачатак) і Камсамолію (рэвалюцыйны, абнаўленчы пачатак).

У 30-я гады М. Чарот практычна адышоў ад літаратурнай дзейнасці. Пасля працэсу 1930 г., калі ўсе праявы нацыянальнага жыцця былі асуджаны як «нацыянал-дэмакратызм», Чарот, на жаль, прычыніўся да асуджэння тых пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў, з кім не так даўно разам тварыў літаратуру і змагаўся за Беларусь у 1919 г. У вершы «Суровы прыгавор падпісваю першым» ён называў іх «ваўкамі лютымі... ў авечай скуры» і сцвярджаў: «А справа вашых рук і ваша «незалежнасць» — Гандлярства дзікае загубленым сумленнем». Як пісьменнік ён вычарпаўся ў 20-я гады. Чаротавы нешматлікія вершы 30-х гадоў («Чырвонаармейская», «Завод і зямля», «Калгас «Бязбожнік», усе — 1931; «Мы заклікаем», «Агітцягніку», абодва — 1933) страчваюць мастацкую навізну і тую своеасаблівую паэтыку, якою поўніліся нават апалагетычныя ранейшыя вершы Чарота, бо іх сагравала натхнёная вера ў будучыню і ідэал — то прагматычна заземлены, як трактар і электраплуг, то адцягнены, як «прыгожа-светлая даль».

Не толькі ў лірыцы, але і ў паэмах М. Чарот імкнуўся знайсці новыя вобразныя сродкі, каб адлюстраваць блізкія яго сэрцу рэвалюцыйныя перамены жыцця.

Самай вядомай і першай па часе стварэння з’яўляецца паэма «Босыя на вогнішчы» (1921) — вобразна-алегарычнае адлюстраванне рэвалюцыйных падзей на Беларусі. Твор складаецца з дваццаці раздзелаў — па сутнасці дваццаці асобных вершаў, звязаных агульнасцю падзей і матываў (дарэчы, гэта дало падставы даследчыкам параўноўваць паэму са славутымі “Дванаццацю” А. Блока). Сюжэта як такога ў паэме няма, кожны верш-раздзел з'яўляецца паэтычнай ілюстрацыяй да зменлівых гістарычных падзей, што ўплывалі на лёс Беларусі ў час рэвалюцыйнай віхуры. «Босыя», галоўны калектыўны персанаж твора, — адна з форм эстэтычнай гіпербалізацыі. У 1920-я гг. крытыкай было шмат “зламана коп’яў” наконт сутнасці і прызначэння сімволікі твора. Сучаснае прычытанне паэмы «Босыя на вогнішчы» дае магчымасць, зыходзячы з тэксту, інтэрпрэтаваць твор як метафару рэгіянальнага распаўсюджвання рэвалюцыі. Гэта ілюстрацыйныя паэтычныя абразкі да мясцовых гістарычных падзей. З эстэтычнага боку «босыя» — абагульнены мастацкі вобраз абнядоленай часткі грамадства («Гэй, за намі ў новы свет, хто убогі, хто раздзет!»), «беднаты», антыподам якому, відавочна, з'яўляюцца «абутыя». Такім чынам, канфлікт паэмы характарызуецца як сацыяльна-класавы. Калі параўнаць «тутэйшых» Купалы і «босых» Чарота, то можна заўважыць, што аснову эстэтычнай дамінанты вобраза «тутэйшых» складае матыў этнічны, нацыянальны, «босых» жа — сацыяльны, прычым дастаткова люмпенізаваны.

«Чырванакрылы вяшчун» (1922) — паэма-фантазія, як вызначыў асаблівасці жанру яе сам аўтар, была напісана неўзабаве пасля «Босых на вогнішчы» і працягвала вобразную распрацоўку сімвалаў «полымя», «пажарышча». У аснове сюжэта і кампазіцыі паэмы — традыцыйны матыў падарожжа: палёт на аэраплане над рознымі краінамі з місіяй распаўсюджвання «вызвольнага агню рэвалюцыі» там, «дзе працоўныя ў няволі» (мастацкая ідэалізацыя вобраза «ўсясветнай камуны»).

Паэма «Беларусь лапцюжная» (1924) вытрымана ў стылістычным ключы, блізкім да «Босых на вогнішчы», аднак у ідэйна-тэматычным плане закранае ўжо іншы гістарычны этап: збліжэнне горада і вёскі як новую фазу паслярэвалюцыйнага абнаўлення жыцця. Калектыўны вобраз «босых» у гэтай паэме трансфармаваны ў вобраз «лапцюжнікаў», а Беларусь малюецца паэтам абноўленай менавіта таму, што вясковая бедната пачынае асвойваць «дымны горад»:

— Гэй, лапцюжнікі, слухай!..

Наша вёска не будзе больш плакаць...

Па бруку гораду,

Бач, рухае,

Рухае горда

Побач з ботам лазовы лапаць!..

Кампазіцыйнае адзінства твора будуецца вакол ідэі ўсталявання новага жыцця ў былым заняпалым краі. Асобнымі фрагментамі стварае паэт эмацыянальны малюнак «абноўленай» рэчаіснасці. Ён прымае гэтае абнаўленне не толькі як грамадскую ідэю роўнасці і шчасця, але апраўдвае і прымае нават тыя жорсткія сродкі, якімі дасягаецца ў пралетарскай дзяржаве гэтае «ўсеагульнае шчасце», уключаючы нават тэрор «надзвычаек»:

Новы край... Замоўклі спевы жалю,

Лавай грознаю прайшла чырвоных раць...

I ў мяне, бач, рукі не дрыжалі

Загад пісаць: «Не наш хто — рассталяць!»

У гэтым этапным творы М. Чарот жадаў адлюстраваць той гістарычны пералом, на якім знаходзілася Беларусь, і сцвердзіць слушнасць яе новага шляху. Пераломны момант гістарычнага змагання за Беларусь ён сімвалічна ўвасабляе ў вобразах чырвонага каня з усходу (на ім едзе «працы рыцар») і белага заходняга каня, якому «надломаны капыты» і на якім «хістаецца яздок». Роля гістарычнага мінулага ў адраджэнні Беларусі і шлях яе нацыянальнага самасцвярджэння свядома аспрэчваюцца паэтам: «Беларусь болей слухаць не хоча аб Рагнедзе і Ізяславе». «Беларусі лапцюжнай слава» бачыцца паэту толькі ў сувязі з перамогай «рыцара працы» на чырвоным кані з усходу. Арыентацыі пісьменніка, такім чынам, былі відавочныя. Для параўнання: прыкладна ў гэты ж час Купалам у п'есе «Тутэйшыя» былі створаны вобразы Заходняга і Усходняга вучоных, з іх аднолькава чужымі і варожымі для Беларусі інтарэсамі.

Паэма «Марына» (1925) у адрозненне ад папярэдняй паэмы мае класічны сюжэт. У ёй ёсць цэнтральны персанаж, хоць роля яго ў творы хутчэй статычная, чым дынамічная. Апісанне гераіні, яе кахання, яе долі вытрымана ў форме фальклорнай стылізацыі з уласцівымі фальклорнай паэтыцы рэгулярнымі паўторамі («Цвіце кветкай, Цвіце і не вяне», «Пакахала сэрданькам дзяўчыны, Пакахала Марына Івана», «Паглядзеў Іванка на Марыну, Паглядзеў — ды годзе...»), спеўнымі інтанацыямі, ужываннем адмоўных паралелізмаў і эмацыянальна афарбаваных зваротаў («Не ад ветру бары гамоняць, Не ад буры заскрыпелі сосны... ; «Ой, Марына, ой, Марына, 3 вочкамі блакітнымі! Ты жыла у той краіне, што слязьмі аблітая...»).

Паэма «Карчма» (1925) з прысвячэннем Я. Купалу набыла пэўнае аблічча паўлегальнасці, бо доўгі час не перадрукоўвалася і была як бы выкрэслена з Чаротавай спадчыны. Аднак гэты своеасаблівы твор не дужа разыходзіўся з асноўнай светапогляднай устаноўкай Чарота, таксама як і стылістычныя прыёмы, выкарыстаныя ў ім, не выбіваліся з рэчышча Чаротавай паэтыкі.

На мяжы паэзіі і драматургіі знаходзіцца вершаваны абразок М. Чарота “Сон на балоце” (1924), блізкі многімі сваімі момантамі (сюжэтам, стылістыкай, вобразамі) да купалаўскай драматычнай паэмы “Сон на кургане”.

М. Чарот выступаў як празаік і драматург. Яго навелы былі выдадзены асобнай кнігай «Веснаход» (1924) і затым два разы перавыдаваліся (1926, 1928). Напачатку кнігі — апавяданні «Да сонца» (1921) і «Пасля буры» (1923), якія можна назваць вершамі ў прозе: па форме яны працягваюць традыцыю, закладзеную ў апавяданні Цёткі «Прысяга над крывавымі разорамі». Матывы гэтых твораў Чарота блізкія матывам яго лірыкі, і яны яшчэ раз падкрэсліваюць сацыяльна-палітычныя арыентацыі пісьменніка, сімвалы якіх у навеле «Пасля буры» — «чароўная шапка з чырвонаю звяздою», а ў навеле «Да сонца» — «чырвоны шлях пад вольнымі штандарамі». У іншых навелах («Самалёт», «Саматканая світка», «Галя», «Талачка-шкрабалачка» — усе 1923) М. Чарот адыходзіць ад чыстай апалагетыкі, узіраецца ў характары людзей, у псіхалогію іх учынкаў і іх побыт, прасочвае, як праз лёсы яго герояў праходзяць рэальныя гістарычныя перамены, перайначваючы «ўвесь папярэдні лад жыцця». Сярод персанажаў яго прозы ёсць характары як паўнакроўныя, псіхалагічна абгрунтаванвія (Галя, Талачка, Сцяпан з апавядання «Саматканая світка»), так і рупары пэўных ідэй, падпарадкаваныя волі аўтара (Сцяпан з апавядання «Непатрэбны чалавек»). Аднак у любым выпадку яго проза дае магчымасць неадназначнага прычытання, што пэўным чынам узвышае пісьменніка ў вачах чытача. Так, нельга сказаць, што Чарот асуджаў самагоншчыкаў (а на вёсках бадай усе гналі самагон) ці папоў, хоць у многіх апавяданнях ён з дасціпным гумарам, сакавітай гутарковай моваю апісаваў і першых і другіх («Споведзь самагоншчыка», «Кірмаш», «Бацюшка»). Ён паказвае, расказвае, але не ацэньвае. Проза М. Чарота надзвычай багатая на гумар: ён ратуе творы ад апалагетычнай аднамернасці (чаго не ўдалося яму пазбегнуць у лірыцы).

Спрабаваў свае сілы М. Чарот і ў прыгодніцкай прозе, аб чым сведчыць яго аповесць для юнацтва “Свінапас” (1925). Гэтая аповесць лічыцца няскончанай. У цэнтры сюжэта твора — шэраг падзей, звязаных з героем-юнаком Грышкам, якога дражнілі на вёсцы Свінапасам. Чаротам задумваўся вобраз маладога і прыгожага змагара за народнае шчасце, падобнага да легендарнага Робін Гуда. Грышка як станоўчы персанаж уяўляў сабой, аднак, статычную мадэль, дзеянні якога — шэраг своеасаблівых прыгодніцкіх авантур на гістарычным фоне грамадзянскай вайны. У цэлым твор атрымаўся кампазіцыйна рыхлым, яму не хапала моцнай захапляльнай інтрыгі. Аднак паводле сюжэта аповесці ў 1926 г. быў створаны першы беларускі мастацкі фільм пад назвай “Лясная быль”.

Удзел у тэатральным гуртку «Беларуская хатка» і разуменне таго, што беларускай сцэне не хапае сучасных драматычных твораў, натхнілі М. Чарота на стварэнне дзіцячых п'ес «Пастушкі», «Данілка і Алеська», агітп’есы-жарта “Дажынкі”, камедыі-вадэвіля «Мікітаў лапаць», фальклорна-этнаграфічнай драмы «На Купалле» (апошняя была вельмі папулярнай ў сярэдзіне 1920-х гг., яе паставілі ў БДТ-І (сучасны тэатр імя Я. Купалы); п’еса з вялікім поспехам ішла ў Маскве ў 1923 г. у пастаноўцы беларускіх артыстаў з БДТ-І; на, жаль, аўтэнтычны тэкст гэтай п’есы не захаваўся). Вадэвіль «Мікітаў лапаць» напісаны ў традыцыі камедыйных сцэнічных твораў В. Дуніна-Марцінкевіча і Я. Купалы. У аснову сюжэта пакладзена любоўная калізія, калі закаханыя — суседскія хлопец і дзяўчына — не могуць пабрацца з-за сваркі паміж іх бацькамі. У рэшце рэшт справа ўладжваецца дзякуючы нечаканай акалічнасці — лапцю вясковага дзівака Мікіты. Менавіта лапаць тут становіцца сімвалічнай арганізуючай сюжэт дэталлю, праз якую высвечваюцца характары і паводзіны герояў. П'еса насычана таксама каларытнымі сцэнамі з народнага жыцця. Персанажы гавораць жывой гутарковай мовай, а іх сутыкненні маюць камічны эфект, што забяспечвала п'есе нязменны поспех у гледачоў у 1920-я гады, калі яна ставілася тэатрам У. Галубка, і забяспечвае зараз, калі яна ідзе на сцэне Купалаўскага тэатра.

Язэп Пушча

Язэп Пушча — прадстаўнік маладой хвалі беларускіх пісьменнікаў, якая прыйшла ў літаратуру пасля Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Змітрака Бядулі, Алеся Гаруна. Першыя крокі ў паэзіі Я. Пушча зрабіў, калі ў 1923 г. разам з іншымі пісьменнікамі стаў адным з заснавальнікаў і арганізатараў літаратурнага аб'яднання «Маладняк», а пазней — «Узвышша». З гэтага часу паэзія становіцца яго асноўным заняткам.

Для ранніх вершаў паэта характэрны тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, дакладнасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Уласцівыя маладнякоўскай паэтыцы арнаментальнасць і квяцістасць выявіліся ў многіх творах нязвычнымі метафарамі («Раніца рыкае», «Я раніцы кланяўся ў пояс», «Раніцу шчэбет пільнуе», «Усміхаецца зорамі ночка», «Туляўся ў выбоінах грэблі заплаканы променя вырыс», «Беланогі, расчухраны месяц лявоніць у лісці кляновым»). У гэтых метафарах, якія падчас мяжуюць з нечаканасцю, нават вычварнасцю, у пранікнёных інтанацыях адчуваецца не толькі захапленне паэзіяй С. Ясеніна, у чым вульгарызатарская крытыка абвінавачвала Я. Пушчу. У гэтай маладой задзірыстасці, нават свавольстве ўгадваюцца палёт фантазіі, імкненне для кожнай грамадскай праявы ці з'явы прыроды знайсці сваё, непаўторнае вобразнае тлумачэнне. Лепшымі лірычнымі творамі Я. Пушчы першай паловы 1920-х гг. з'яўляюцца «Радзіма і сонца» (1922), «Рэчанька не спіць» (1922), «Дажынкавае» (1924), «Эх, вёска...» (1924), «Я раніцы кланяўся ў пояс» (1924), «Прывітанне табе...» (1925) і інш.

Прывітанне табе, беларуская песня,

Ды ад постаці спелага жыта душы!

Твае шчокі румяняцца сонцам у снежні,

А мелодый калосся

Цэдзяць віно ў каўшы.

Табе, ой умыцца журбою не раз давялося!

Бо хіба не помнім, як вечар

Шчацініўся бурым мядзведзем...

Наогул, ранняя лірыка Язэпа Пушчы цікавая найперш эксперыментальным пошукам новых слоўна-выяўленчых сродкаў. У 1925 г. выйшаў зборнік паэзіі Я. Пушчы «Раніца рыкае».

У другой палове 1920-х гг. убачылі свет такія паэтычныя кнігі Я. Пушчы, як «Vita» і «Дні вясны». Аднак у канцы 20-х гадоў творчыя пошукі паэта ўскладніліся ў сувязі з нездаровай грамадскай атмасферай у краіне, штучным распальваннем падазронасці, агульнага недаверу, варожасці ў адносінах паміж людзьмі, навешваннем ярлыкоў. Крытыкі-вульгарызатары вышуквалі песімістычна-ўпадніцкія настроі, трагедыйнасць у зборніку Я. Пушчы «Песні на руінах» (1929), асабліва жорстка крытыкаваліся яго «Лісты да сабакі». У віну паэту ставіўся сум па родных мясцінах; яго распіналі на крыжы за тое, што адарваўся ад вёскі, але і не прыжыўся да гарадскіх муроў. Лепшымі вершамі Я. Пушчы другой паловы 1920-х гг. можна лічыць «Вечар асенні, вечар маўклівы» (1926), «Душа людская халадзее...» (1926), «Стаяў ён нагім на дарозе» (1926), «Вечнае Ранне — Месія...» (1926), «Лісты да сабакі» (1927), «Асеннія лісты» (1927), «Словы мае, словы — песні агнявыя» (1927) і інш. У 1930 г. былі здадзены ў друк, але ў сувязі з арыштам не ўбачылі свет зборнікі Я. Пушчы «Мой маніфест» і «Грэшная кніга». Яны да сённяшняга часу не адшуканы. Хутчэй за ўсё, загінулі. Некаторыя рукапісы былі спалены сям'ёй у Каралішчавічах з-за боязі нашкодзіць сабе, а таксама ссыльнаму паэту.

Цікавай акалічнасцю ў творчай біяграфіі Я. Пушчы з'яўляецца тое, што ён спрабаваў пісаць і ў ссылцы (на гэта, дарэчы, адважваліся нямногія). Так, да нас дайшлі такія яго вершы, як «Дзекабрыстам» (1933), «Шумі, уральская тайга» (1935).

У 1958 г. пачаўся новы перыяд у творчай біяграфіі Я. Пушчы. Ён вяртаецца на Беларусь. Паэта нанава прымаюць у Саюз пісьменнікаў, выдаюць яго кнігі «На Бабрынцы», «Вершы і паэмы» (абедзве — 1960), «Пачатак легенды» (1963). Многія з вершаў таго часу з'яўляюцца гімнамі, песнямі, заздраўнымі тостамі ў гонар вяртання на Радзіму, сустрэчы з сябрамі. Да сапраўднай, больш высокай у мастацкіх адносінах паэзіі «позні» Пушча прарываўся ў вершах аб роднай прыродзе, да якой ён дакрануўся пасля вяртання ў родны край і якую можа цяпер параўнаць з рускай і нават экзатычнай паўднёвай і сібірскай. У вершах падобнага тэматычнага зместу — «Кіпарысы» (1955), «Салавей», «Восень» (абодва — 1956), «Лета» (1957) — шмат яркіх мастацкіх дэталей. Асаблівасці прыродаапісальных твораў Пушчы натуральна вымагалі санетнай формы: іх у паэта некалькі дзесяткаў. Санеты не толькі аб прыгажосці прыроды, а і аб вернасці роднаму краю, неўміручасці працы і мастацтва. Высокі санетны строй спатрэбіўся паэту, як сам ён піша ў вершы «Буду жыць» (1957), дзеля таго, каб «выткаць родныя узоры», упрыгожыць «чало Радзімы» і тым самым абяссмерціць яе імя. Рысы гарманічнага стылю надзвычай выразна выяўляюцца ў вершы «Лета», напісаным таксама ў форме санета. З гэтага твора так і патыхае нейкай першазданнай свежасцю, светласцю. У ім ажываюць у рамантычным стылі навальніцы, пярун, бліскавіцы, паўстае з загарэлымі на сонцы шчокамі, як дзяўчына, лета — усё жыве, рухаецца, падобна чалавеку, пераліваецца фарбамі:

Люблю я радасць першых навальніц,

Калі пярун гартуе, вострыць стрэлы

I сыпле з горна іскры бліскавіц,

Каб мы і нашы сэрцы не старэлі.

...Такога лета, як на Беларусі,

З такой ласкавай, цёплаю душой


Лірыка падобнага характару лёгка клалася на музыку. Таму песні на вершы Я. Пушчы напісалі шэраг беларускіх кампазітараў, у прыватнасці I. Бараноўская, П. Падкавыраў, Ю. Семяняка і некат. інш. Я. Пушча — аўтар некалькіх паэм.

У паэме «Песня вайны» (1928) разгортваецца сюжэт кахання прыгажуні Марыі і параненага на вайне афіцэра Іскрыніча, якога тая даглядала ў шпіталі. Хоць твор і не ўдаўся, у цэлым яго можна лічыць слабаватым, аднак тут ёсць і неблагія моманты. Так, паэму характарызуе востры антываенны пафас, антымілітарысцкі настрой, якім яна прасякнута. Твор выклікае глыбокае спачуванне да ні ў чым не вінаватых ахвяр вайны — параненых у акопах салдат, бежанцаў, якіх налічваліся десяткі і сотні тысяч. Голас паэта гучыць даверліва, шчыра, пранікліва і адначасова гучна, па-аратарску прыўзнята і публіцыстычна.

Самай вядомай і, відаць, самай лепшай паэмай Я. Пушчы з'яўляецца «Цень консула» (1928), прасякнутая моцным антыдыктатарскім пафасам. Яна вельмі складаная і цяжкая для інтэрпрэтацыі. Хоць дзеянне ў паэме і не разгортваецца ў СССР (наогул яно там як бы мае прыцягненне да часоў Старажытнага Рыму, хоць поўнасцю "прышпіліць" яго да гэтага часу таксама немагчыма), твор праецыруецца на даваенную рэчаіснасць перыяду пачатку сталінскіх рэпрэсій.

У самым канцы 1920-х гг. Я. Пушчам была напісана паэма «Крывавы плакат» (у пазнейшай рэдакцыі «Крывавы год»). Твор мае прысвячэнне: «Памяці беларускіх партызан Сяргея і Сымона Плашчынскіх». Прысвечана яна памятнаму 1920-му году, калі прасторы Беларусі дратавалі белапалякі. Паэма публіцыстычная, даволі рытарычная, падзеі паказаны агульна, адцягнена.

У паэме «Сады вятроў» (1930) у форме дыялогу вольналюбівага паэта Грыміцкага і яго антыпода празаіка Мярохі, які па-лакейску служыць афіцыйным патрабаванням чыноўнікаў, вырашаецца праблема сапраўднай эстэтычнай вартасці мастацтва. Сутнасць яе — у служэнні мастака інтарэсам усяго народа, а не чыноўнікам і "временщикам", маючым уладу.

У апошні перыяд жыцця Пушча таксама пісаў паэмы. У аснове іх — падзеі Вялікай Айчыннай вайны, якую паэт на свае вочы не бачыў, а толькі перажыў, вывучыў па дакументах. Таму і атрымаліся яны — «Бор шуміць» (1957) і «Людвіся» (1959) — хоць і поўныя трагізму, але меладраматычныя, эскізныя, са слаба акрэсленымі характарамі патрыётаў і фашыстаў. Самымі ўдалымі момантамі ў сувязі з гэтым якраз і аказаліся сцэны мірнага жыцця, пейзажныя малюнкі — тое, што добра ведаў сам аўтар.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Мішчанчук М.І. Язэп Пушча // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. - Мн., 1999.

2. К. Р. Хромчанка Маладняк / К. Р. Хромчанка // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т.3.

3. Гарэлік Л.М., Мішчанчук М.І. Пушча Язэп // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік: У 6 т. Т. 5. - Мн., 1995. С. 80-81.

4. Перкін Н. С. Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг. / Перкін Н. С. — Мн., 1960.

5. Пушча Я. Зб. тв.: У 2 т. - Мн., 1993. Т. 1-2.

6. Багдановіч І.Э. Міхась Чарот // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. Мн., 1999. С. 454-474.

7. Гарэцкі М. «Маладняк» за пяць гадоў / Гарэцкі М. — Мн., 1928.

Размещено на

Похожие работы на - Заснавальнікі літаратурнага аб'яднання "Маладняк"

 

Не нашли материал для своей работы?
Поможем написать уникальную работу
Без плагиата!